Пятница, 04 ноября 2011 14:33

Магілёўскі хранограф: як жылося нашым продкам у 17 стагоддзі?

Магілёў сярэднявеччаПа-рознаму жылося... Магілёў дужа цярпеў ад пажараў — прыблізна раз на год Пан Бог наведваў горад з агнём. Гэтак жа часта да нашых прадзядоў прыходзілі няпрошаныя госці — то з усходу, то з захаду, а то і з абодвух бакоў адразу. І кожнаму трэба было дагадзіць. А калі ўжо моцаў цярпець іх не ставала, магілёўцы браліся за зброю. За іх мужнасць і патрыятызм кароль Рэчы Паспалітай падараваў Магілёву герб «з рыцарам збройным каля адчыненай брамы». Прапануем да вашай увагі некалькі ўрыўкаў з «Хронікі Магілёўскай» паноў Сурты і Трубніцкага.

Герб МагілёваУ 1610 г. войтам магілёўскім быў Яраш Валовіч. Тады ў горадзе адбыліся бунты, якія ўзначалілі Іван Харковіч, Мікіта Мільковіч, Гаўрыла Івановіч і інш. Бунтаўнікі супраць магістрату паўсталі, падаткі ў месца сплочваць не хацелі і ўсялякія абавязкі выконваць адмаўляліся. У званы званіць загадалі, каля ратушы зрабілі надзвычайны гвалт, у ізбу судовую ўваліліся і дзверы нават зламалі. Члены магістрату дужа ў гэты момант спалохаліся. Потым, пасля выдання спецыяльнага каралеўскага ліста, Яраш Валовіч бунтаўнікоў пад суд аддаў, і, выконваючы вырак суда, пяцёх пакараў смерцю, невядома толькі ў якім месцы гэта адбылося. Старыя людзі кажуць, што — на гары Ільінскай — там, дзе да гэтага часу крыж стаіць.

Карта МагілёўУ 1655 г. цар маскоўскі Аляксей Міхайлавіч з вялікім войскам пад Магілёў прыцягнуўся, дзень пабыў і пад Вільню пайшоў. У 1657 г. званіцу брацкую, падмурак якой быў разабраны дзеля абароны месца, будаваць пачалі. У 1659 г. прыцягнуліся пад Магілёў тры маскоўскіх ваяводы, адзін з іх — Даўгарукі. Гэты апошні загадаў сады павысякаць. Навошта? Невядома... У 1660 г. брама г. Магілёва, якая Каралеўскай завецца, была пабудавана. У тым жа годзе гетман Чарнецкі з Сапегай пад Магілёвам сталі. Чарнецкі на гарышчы ў Буйнічах, а Сапега — за Лупалаўскай гарой. Потым зрабілі яны праз Дняпро мост на Панскім рагу.

>У 1661 г. маскоўцаў гараджане выцялі. Трох ваяводаў Сімяона Савіча Гарчакова, Мацвея Андрэевіча Палуехтава, Сімяона Іванавіча Чэкіна, галаву стральцоў, схапілі ў палон і да караля Яна Казіміра даслалі. За такую адвагу і паслугу ўсёй Рэчы Паспалітай, пячатку вялікую на крывавым полі атрымалі — тры вежы з брамай адкрытай, са здабытым мячом рыцар збройны, а наверсе — у сярэдняй браме — Пагоня літоўская з надпісам па-лацінску: «Sigillum civitatis Mohilowiensis». Подзвіг той здзейснілі магілёўцы на чале з Пораем, бурмістрам.

СуртаУ тым жа годзе Масква заезд учыніла, спыніўшыся за Струшняй. З горада тады пляцовая стража, якая налічвала колькі сот людзей, а таксама ахвочыя месцічы з лёгкадумнай адвагаю пайшлі на іх. Масква ж, учыніўшы засаду, усіх упень высекла. Хіба што тыя толькі засталіся, хто зброю кінуў — іх жывымі ў Быхаў павялі. Купцоў магілёўскіх, якія ў той час у Смаленску гандлявалі, усіх чыста арыштавалі і рэчы іх пазабіралі. Было іх чалавек 50, сядзелі яны 2 гады.

Ян Казімір ВазаУ 1664 г. кароль Ян Казімір з-за пушчы прыйшоў. Пры бытнасці яго Пан Бог зноў горад наведаў з агнём — гарэў дом недалёка ад ратушы, дзе на той час Гаўрыла Прэкста жыў і дзе потым Васілеўскіх камяніца была (якая ў 1740 г. была разабраная і на пабудову Кармеліцкага касцёла аддадзена). Пагарэлі тады ратуша, крамы, царква і званіца, нават званы расплавіліся. Гарэла ажно да кляштару жаночага, у якім студня каштоўная была, але ад таго часу яна перасохла.


Пераклад ca старапольскай: П. Левановіч

Просмотров: 26669
Instagram
Vkontakte
Telegram