Понедельник, 31 октября 2016 15:55

У Магілёве зрабілі каталог старажытных пахаванняў Успенскіх могілак

У Магілёве зрабілі каталог старажытных пахаванняў Успенскіх могілак

Скончыўся першы этап практычнай працы ўдзельнікаў праекта «Вузел жыцця». З ініцыятывы габрэйскай абшчыны горада прадстаўнікі некалькіх грамадскіх арганізацый і проста неабыякавыя людзі Магілёва аб'ядналіся для вывучэння асаблівасцяў мясцовай некрапалістычнай культуры і пачалі сваю працу з каталагізацыі старажытных пахаванняў адных з найстарэйшых праваслаўных могілак горада — Успенскіх.

У Беларусі фактычна старадаўнія могілкі не разглядаюцца як частка нацыянальнай гістарычнай спадчыны і знаходзяцца пад пагрозай знішчэння. У той жа час некропалі XVII-XIХ стагоддзяў — гэта месцы гістарычнай памяці з выключнай атмасферай і магутным выхаваўчым уздзеяннем; крыніцы гістарычнай, генеалагічнай і сацыялагічнай інфармацыі. Яны з’яўляюцца яркімі творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а эпітафіі — творамі літаратуры і могуць стаць прывабнымі турыстычнымі аб’ектамі.

Удзельнікі праекта падрыхтавалі каталог ацалелых старажытных помнікаў Успенсіх могілак з фотаздымкамі, імёнамі і тэкстамі эпітафій, якiя размешчаны ў вольным доступе ў інтэрнэце. Паглядзець каталог можна тут.

Магілёўскія Успенскія могілкі вядомыя яшчэ з ХVI ст. Лічыцца, што тут знаходзіцца самае старое пахаванне ў Магілёве, датаванае ХVI-ХVII стагоддзямі, якое, як мяркуецца, належыць роду магнатаў Валовічаў. Яшчэ гадоў 5 таму выяўлены на расколатай пліце герб, падобны на фамільны герб канцлера Вялікага княства Літоўскага Астафей Багдановіча Валовіча, магната і вядомага дзяржаўнага дзеяча, які займаў пасаду магілёўскага старасты ў перыяд з 1554 па 1556 год, быў абгароджаны і ўзяты пад ахову. Аднак, зараз знайсці яго не ўдалося.

Удзельнікі праекта не змаглі выявіць надмагілляў з датамі старэй за другую палову XIX стагоддзя. Відавочна, такі ж лёс напаткаў і многія іншыя помнікі, якія прысутнічалі на могілках яшчэ 10-20 гадоў таму (ёсць яшчэ прыклады), і тыя помнікі, якія цяпер напаўразбітыя валяюцца пасярод «свежых» пахаванняў, могуць неўзабаве таксама знікнуць.

На Успенскіх могілках наогул шмат перакуленых, пабітых надмагілляў, безыменных крыжоў і магіл, пазбаўленых ідэнтыфікацыйных пазнак. Сустракаюцца старадаўнія помнікі са сцёртымі надпісамі і новымі шыльдамі. Але ўсё ж, уважліва вывучаючы каменныя і жалезныя збудаванні, устаноўленыя ў памяць аб магілёўцу мінулых стагоддзяў, можна адчуць дух часу і прыадчыніць некаторыя старонкі гарадской гісторыі.

У Магілёве зрабілі каталог старажытных пахаванняў Успенскіх могілак

Так, на Успенскіх захавалася фамільнае пахаванне самых вядомых магілёўскіх шляхціцаў — Гартынскіх. Адзін з іх адшукаў і пераклаў «Магілёўскую хроніку», іншы правёў у горадзе вадаправод.

Войны і катаклізмы XX стагоддзя перапынілі сувязь пакаленняў і знішчылі значную частку архіваў. Паручнік і калежскі асэсар, стацкі і надворныя саветнікі, святар і протаіерэй, барон і Магілёўскі губернскі паштмайстар, штаб-лекар і пяцёра маладых лётчыкаў, якія разбіліся ў 1948 годзе. Не выключана, што імёны гэтых людзей, якія ў свой час мелі важную ролю ў жыцці нашага горада, захаваліся толькі на надмагіллях.

Багата ўпрыгожаны склеп сям’і Клепцэ захаваў рэшткі складанага механізму пад’ёмніка брамы, хупавую ляпніну ў стылі класіцызму, старадаўнія каваныя краты з ажурнай брамай. На сценах пахавальні маецца самая рамантычная і кранальная эпітафія Успенскіх могілак, прысвечаная нейкаму Жоржыку, які памёр у 1909 годзе: «Дні твайго жыцця падалі ў вечнасць, як ружовыя пялёсткі чыстыя і духмяныя».

Фармальна новыя ўчасткі пад пахаванні тут не вылучаюцца з пачатку 70-х гадоў, аднак на месцы разбураных старых магіл ёсць пахаванні апошніх дзесяцігоддзяў.

Іда Шэндзяровіч

Просмотров: 1169

Товары и услуги в Могилеве

Мы в соцсетях

Instagram
Vkontakte
Twitter