Реклама в Могилеве

Суббота, 07 марта 2015 16:55

Да стагоддзя з дня нараджэння песняра з Княжыцаў Васіля Матэвушава

Недалёка ад Магілёва па Мінскім тракце знаходзіцца старажытнае мястэчка Княжыцы з велічным баракальным касцёлам. Менавіта ў гэтай вёсцы ў 1915 годзе 6 сакавіка нарадзіўся таленавіты беларускі паэт Васіль Матэвушаў. «На захадзе, ля Круглянскага гасцінца, і на поўдні, за шашой, стаяць бары Ялоўка і Заліга. Паміж барамі і вёскай шырокія палі з узвышшамі, нізінамі і стаўкамі. Куды ні кідаў мяне лёс, а родная бацькава зямля з яе рамонкавымі лугамі, сунічнымі палянамі, са шпакоўняй на ігрушыне-дзічцы заўсёды паўставала ў сваім непаўторным харастве...», — менавіта так узгадваў паэт свае родныя мясціны праз усё жыццё.

Вясна выходзіць на паверку
Пад марш сярэбраных руччоў.
У возера , нібы ў люстэрка,
Глядзяцца сосны з берагоў.
Спавіты дзеразой паляны,
Цвіце на купінах чабор,
З праменняў сонечных сатканы
Лугоў рамонкавы убор.
І толькі хай зара над краем
Настроіць горнаў сваіх медзь,
Я пабягу хутчэй да гаю
Вясне ў вочы паглядзець.

Бацькі Васіля былі сялянамі. У сям’і было шасцёра дзяцей: дзве сястры і чатыры браты. Бацька быў ціхмяны, сціплы і працавіты. Паколькі быў пісьменным чалавекам, хоць і селянін (што на той час было вялікай рэдкасцю), часта прыходзілася пісаць лісты для ўсёй вёскі. Маці ж была больш баявая і ўладарная жанчына.

Маці

Цябе няма...
І хоць ляцяць гады,
Забыць твой позірк немагчыма;
Перада мной жывой стаіш заўжды
З сухімі строгімі вачыма.
Травою дзікай курганок зарос.
Над ім зялёныя бярозы
На травы сыплюць кроплі буйных рос —
Твае няўроненыя слёзы.
1956 г.

У маленстве і юнацтве доўгі час малому Васілю прыходзілася пасвіць статак. Скончыўшы пачатковую школу, ён паступіў у Княжыцкую школу калгаснай моладзі. І менавіта ў гэтай школе сустрэў тых людзей, якія дапамаглі абраць свой творчы шлях на ўсё жыццё. Лёс звёў з Міхасём Ларчанкам і маладым таленавітым паэтам Пятрусём Бядуліным. Маладыя хлопцы часта выступалі ў самадзейнасці са сваімі творамі.

Асаблівы ўплыў аказалі палымяныя і натхнёныя вершы Пятруся Бядуліна. У Васіля Матэвушава з’явілася вялікае памкненне да пісьменніцкай творчасці, і ён пачаў употай складаць свае першыя вершы. Аднойчы паказаў свае творы Бядуліну, і той параіў даслаць адзін верш у газету «Піянер Беларусі», дзе неўзабаве яго і надрукавалі. Так з’явіўся ў біяграфіі нашага героя ў 1930 годзе першы друкаваны верш «Ліст ад таварыша».

Пасля завяршэння княжацкай школы Васіль паступае вучыцца ў Гомельскую чыгуначную школу, у якой правучыўся толькі да 1933 года і з якой па стане здароўя вымушаны быў сысці. Але адразу ў тым жа годзе становіцца студэнтам літаратурна-лінгвістычнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута.

Па першым часе з-за грашовай нястачы і немагчымасці здымаць кватэру ў горадзе прыходзілася хадзіць пехатою на заняткі з Княжыцаў у Магілёў. А гэта ж амаль 15 кіламетраў! Але прага да навучання была вялікая, таму такія цяжкасці атрымалася пераадолець.

З часам студэнта Матэвушава прытуліла адна магілёўская яўрэйская сям’я на вуліцы Малая Грамадзянская, і з той пары сяброўства з сям’ёй Ізраіля Маісеевіча Ціркельтаўб Васіль пранёс праз усё жыццё.

Навучанне ў Магілёўскім інстытуце ў 1933 — 1937 гадах дало Васілю Матэвушаву добры падмурак у жыцці. Там ён адкрывае для сябе цэлы неспазнаны свет. Знаёмства са скарбамі беларускай, рускай і сусветнай літаратуры, захапляльныя лекцыі беларускага паэта — перакладчыка Юркі Гаўрука, бурнае жыццё інстытуцкага літаратурнага аб’яднання, у якім удзельнічалі Уладзімір Агіевіч, Змітрок Палітыка, моцна паўплывалі на творчую працу маладога паэта, і ён стаў больш смела і ўпэўнена дасылаць свае вершы ў рэспубліканскія выданні і ў абласную газету «Камунар Магілёўшчыны» пад псеўданімам Васіль Нёман.

З 1937 па 1939 год адразу пасля заканчэння інстытута Васіль Матэвушаў працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Обальскай сярэдняй школе Віцебскай вобласці. У 1939 годзе быў прызваны ў шэрагі Савецкай арміі. Спачатку служыў у Яраслаўле ў чыгуначным асобым маставым палку на пасадзе палітрука роты.

У часы фінскай вайны полк знаходзіўся на рэканструкцыі Паўночнай чыгункі, а ў 1940 годзе быў перакінуты ў Бесарабію на аднаўленне маста праз Днестр. Тут Васіля Матэвушава і застала вайна. Напрыканцы 1941 года яго накіравалі служыць выкладчыкам курсаў ваентэхнікаў артылерыйскай базы № 25 горада Омска. З 1942 па 1943 ён курсант курсаў ваентэхнікаў, з 1943 па 1946 —тэхнік-лейтэнант. У час вайны ў 1943 годзе ўступіў у шэрагі камуністычнай партыі.

Адсвяткавалі перамогу
Твае сябры даўно — даўным,
А ты стаіш каля дарогі,
Стаіш пры поўным баявым.
Суровыя на твары рыскі —
Перад атакаю салдат.
Патронамі набіты дыскі,
Напагатове аўтамат.
А ў небе песні жаўруковы
І воблакі цяжкой градой,
І нівы постаццю жытнёвай
Схіляюцца перад табой.
Мурожныя надрэччы рупяць
Настоем кветак лугавых.
Не ўцерпіш — з мармуру саступіш,
Сарваўшы каску з галавы.
І пойдзеш па зялёных гонях,
Дзе баявы ляжаў рубеж.
На жылістай сваёй далоні
На пробу колас разатрэш.
А потым да знаёмай хаткі
У шэрым зойдзеш шынялі,
І меней на адну салдатку
Адразу стане на зямлі.
Ды штось туга не суціхае
У несуцешнай удавы:
Салдат паста не пакідае,
Салдат — нязменны вартавы.
Стаіць пад ліўнямі, пад сонцам,
Стаіць у сіверныя дні,
Стаіць як вечны абаронца
Зямной красы і цішыні.
1963 г.

Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе два гады працаваў выкладчыкам Омскага фінансавага тэхнікума. Тут жа, у Омску, знайшоў сваю другую палову, рамантычную прыгажуню Тамару, якая на працягу ўсягожыцца была верным сябрам і памочнікам Матэвушава. Неўзабаве ў маладой сям’інарадзілася дачка Наталля.

Але жыць на чужыне ўсё жыццё Васілю не хацелася, і ён пераконвае сваіх родных пераехаць да сябе на радзіму,у Беларусь. Менавіта пераконвае, бо жонка і яе маці былі рускія і дагэтуль пра наш край нічога не чулі. Але, як ужо было сказана вышэй, жонка Тамара Аляксандраўна праз усё жыццё была паплечнікам Васілю Матэвушаву, і нягледзячы на тое што яна была з Расіі, здолела прасякнуцца павагай і любоўю да захапленн ясвайго мужа беларускай культурай і літаратурай.

Як узгадвае дачка паэта Наталля Васільеўна, у сям’і панаваў культ паэта Янкі Купалы. Яго бясконца перачытвалі і завучвалі і бацька, і маці, якая ўсё жыццё працавала выкладчыкам у магілёўскай школе № 4. Пра захапленне Песняром Беларусі ведалі сябры і калегі, і таму ў сям’і былі дужа радыя, калі гаспадару на 50 год Саюз пісьменнікаў Беларусі падараваў невялічкі, але вельмі прыгожы бюст Янкі Купалы.

Па прыездзе ў Магілёў з 1948 па 1971 год Васіль Матэвушаў працуе ў абласной газеце «За Радзіму», якая затым называлася «Магілёўская праўда»; з 1971 да самай смерці ў 1974 годзе — сакратаром Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

За час жыцця ў Магілёве давялося тройчы змяніць свай адрас. Спачатку жыла сям’я па адрасе завулак Чакалава, 29, затым на Бурдэнка, 24, і толькі да 50—годдзя Васілю Матэвушаву ўдалося атрымаць кватэру на праспекце Міру, гасцямі ў якой часам былі такія вядомыя паэты, як Анатоль Вялюгін, Артур Вольскі, калегі па працыў газеце, пісьменнікі Магілёўшчыны, сябры і паплечнікі Я.Усікаў, І.Аношкін, С.Гаўрусёў, П.Шасцерыкоў, М.Хведаровіч.

Добра быў знаёмы з Ігарам Шклярэўскім.. Усе, хто ведаў Васіля Матэвушава, падкрэсліваюць яго сумленнасць, шчырасць, працаздольнасць, адкрытасць і таварыскасць. Як адзначае Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, гэта быў паэт таленавіты і вельмі, вельмі, сціплы.

У вольны час, у хвіліны скрухі і адчаю вернымі лекамі для Матэвушава была родная прырода яго малой Радзімы.

Да родных завітаў мясцін,
Дзе хлапчуком ірваў пралескі...
Іду адзін, — не, не адзін,
Калі са мной ідуць узлескі,
Калі струмень крыніцы б’е,
У небе жаваранак звоніць
І сонца жаркія далоні
Вясне пяшчотна падае.

Сваякі ўзгадваюць, што па вясне ён дужа любіў блукакць па лесе, улетку лепшым адпачынкам быў паход у грыбы ў Сумарокава. Беларуская прырода, роднае Прыдняпроў’е, дарэчы, і сталі асноўнай тэмай творчасці паэта. Як адзначаў Васіль Карпечанка, ні водны пісьменнік Магілёўшчыны не здолеў так апець родны Прыдняпроўскі край, як Васіль Матэвушаў.

Чаруюць сэрца колеры зямлі,
Ружовая зара, вясёлкі,
Даспелыя жытнёвыя палі,
Ля сцежак вогненныя смолкі.
Нідзе не знойдзеш лепшых дываноў
Па яркасці і расфарбоўцы,
Як разнаквецце заліўных лугоў
Каля Дняпра пад зыркім сонцам.

Не стала таленавітага пісьменніка ў сакавіку 1974 года. Знайшоў свой вечны спачын Васіль Матэвушаў у Магілёве на каталіцкіх могілках на вуліцы Віленскай — так называюць нашыя старажылы вуліцу Лазарэнка.

Збіраючы гэты невялічкі матэрыял да 100-годдзя Васіля Матэвушава, прыйшлося паразмаўляць са многімі пісьменнікамі, паэтамі, журналістамі, бібліятэкарамі і настаўнікамі. І, на вялікі жаль, амаль ніхто неведае пра нашага слыннага паэта. Перачытаўшы ж некалькі невялічкіх зборнікаў яго твораў, я пераканаўся, што калі магілёўцы забудуць гэтае цікавае імя, то шмат чаго страцяць.

Выказваю шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла Магілёўскаму бібліятэчнаму тэхнікуму імя А. Пушкіна, Дзяржаўнаму архіву грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскай вобласці і асабіста Наталлі Васільеўне Матэвушавай.

Алег Дзьячкоў

Instagram
Vkontakte
Telegram