Дамавік і Ёўнік, Шатаны і Злыдні, Жыцень і іншыя персанажы беларускіх казак і міфаў з`яўляюцца галоўнымі героямі выставы, створанай у рамках рэалізацыі аднаго з этапаў праекта LIPA.CLUB, мэтай якога з`яўляецца папулярызацыя беларускага сучаснага мастацтва ў свеце. У жыхары і гасці Магілёва змогуць убачыць гэты ўнікальны праект з элементамі квэста, які спалучае ў сабе як класічныя формы — графіку, скульптуру, так і сучасныя інтэрактыўныя тэхналогіі.
Усяго на выставе будзе прадстаўлена 12 арыгінальных графічных работ мастака Валерыя Славука і 11 аб`ёмных фігур скульптара Антона Шыпіцы. Экспазіцыя дапоўніцца кніжнымі выданнямі, ілюстрацыі да якіх стварыў Валерый Славук, з фондаў Магілёўскай абласной бібліятэкі ім. Леніна.
А пачалося ўсё некалькі гадоў таму, калі выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» прапанавала вядомаму беларускаму графіку Валерыю Славуку аформіць двухтомнік беларускага фальклору, а пазней — кнігу «Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў i казак». Так нарадзіліся ілюстрацыі. Валерый Славук візуалізаваў персанажаў беларускіх міфаў на паперы. Таленавіты скульптар Антон Шыпіца, выкарыстоўваючы традыцыі акадэмічнай школы і сучасныя матэрыялы, якія дазваляюць сціраць грань паміж класічнай скульптурай і «ажыўшымі» героямі, на аснове гэтых вобразаў стварыў аб`ёмныя фігуры. Малюнкі Славука і скульптуры Шыпіцы склалі аснову выставы «Старыя героі — новы свет. Героі беларускіх казак, міфаў і легенд».
Аўтар і арганізатар выставы Павел Арлоў лічыць, што нашу краіну робіць адметнай арыгінальная народная культура, якая злучыла дзве хрысціянскія канфесіі, асаблівасці заходняй і усходняй цывілізацый. Таму ў беларускай міфалогіі можна сустрэць самых розных казачных герояў: і перавертня, і дамавіка, і гнома. На жаль, гэтыя персанажы як бы закансерваваны ў этнаграфічных даследаваннях і мастацкай літаратуры. У Беларусі няма мастацкіх фільмаў з уласнымі «нячысцікамі», мы не ствараем камп`ютэрных гульняў з жэўжыкамі, ёўнікамі і іншымі каларытнымі міфічнымі сутнасцямі. Але яны існуюць — хто сумняваецца? — у дрымучых лясах, на балотах і займаюцца сваімі чароўнымі справамі. Выстава і павінна ў пэўнай меры ліквідаваць гэты прабел.
Змест выставы накіраваны ў мінулае — ў культуру і гісторыю, а вось форма звернута ў будучыню. У наведвальнікаў выставы з`явіцца магчымасць зазірнуць па той бок рэальнасці, паколькі выстава нясе ў сабе элементы цікавай гульні, крэатыву і інтэрактыву. Куратары выставы абяцаюць не толькі пагрузіць нас у свет беларускай міфалогіі, але і арганізаваць падарожжа па таемных кутках віртуальнай рэальнасці праекта LIPA.CLUB. Зазірнуць за грань рэальнага свету, сутыкнуцца лоб у лоб з ажыўшымі героямі беларускіх казак, міфаў і легенд стане магчымым з дапамогай гарнітуры Oculus Rift , якімі будзе абсталявана выставачная зала.
Выстава будзе працаваць да 29 студзеня.
Рэд.