Старажытная гісторыя насельніцтва сучаснай Магілёўшчыны пачынаецца ў эпоху сярэдняга старажытнага каменнага веку (100–35 тыс. год таму назад), да якой адносяцца знаходкі мусцьерскіх крамянёвых прылад каля вёсак Абідавічы Быхаўскага і Клеявічы Касцюковіцкага раёнаў. На тэрыторыі Магілёўскай вобласці вядома звыш 2 тыс. помнікаў археалогіі. Гэта стаянкі каменнага і бронзавага вякоў, гарадзішчы і селішчы часоў жалезнага веку і ранняга сяррэднявечча, дзяцінцы і пасады старажытных гарадоў, курганы, грунтовыя могільнікі і інш.
Археалагічная калекцыя Магілёўскага абласного краязнаўчага музея імя Раманава адна з багацейшых на Беларусі. Ва ўстанове культуры захоўваюцца археалагічныя знаходкі з раскопак мезалітычных паселішчаў Баркалабава, Бароўка, Горкі, Журавель, Лудчыцы, Янава, неалітычных (Вугольшчына, Карэбы), бронзавага веку (Вець, Кліны), селішчаў, гарадзішчаў, грунтовых і курганных пахаванняў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці: Абідня, Калодзезская, Княжыцы, Курганне, Нікадзімава, Тайманава, Чавусы, Эсьмоны і інш., рэчы з раскопак Магілёўскага замка, Магілёўскай ратушы, Мсціслаўскага дзяцінца «Замкавая Гара», Мсціслаўскага пасада.
У ліку знаходак — каменныя свідраваныя і клінападобныя сякеры, наканечнікі стрэл і коп’яў, прылады працы з крэменю (разцы, скрабкі, сякеры і інш.) і жалезныя вырабы (прадметы ўзбраення, рыштунку каня і вершніка, нажы сякеры, шылы, спражкі, замкі ключы і інш.), ляпны посуд, гліняныя прасліцы, упрыгожанні (скроневыя кольцы, бронзавыя і шкляныя бранзалеты, пярсцёнкі, падвескі, шкляныя і бурштынавыя пацеркі, бронзавыя пальчатыя і антрапазааморфная фібулы, прадметы ўбору з выемчатымі эмалямі і інш.).
Захоўваюцца крамянёвыя адшчэпы з рэтушшу мусцьерскага тыпу з Клеявіч, меч VI ст. з Нікадзімава, берасцяная грамата з Мсціслава, яйка-пісанка (XI — XII стст.), калекцыі крыжоў XI — XVII стст., зброі XIV — XIX стст. шматлікі фрагменты ганчарнага посуду, кафля і інш.
Сярод новых паступленняў — касцяныя вырабы часоў неаліту — бронзы; разнастайныя прадметы ўбору з выемчатымі эмалямі другой чвэрці І тыс. н.э.; меч з наваколля Магілёва (кан. ІХ — пач. ХІ стст.); бронзавыя навершы булаў і кісцяні (ХІ — ХІV стст.); дробныя керамічныя прадметы XVII — XIX стст. з Магілёўскага Падміколля (люлькі для палення, цацкі, свістулькі, грузілы) і інш.
Рэд.