Пятница, 25 сентября 2015 14:43

Трагедыя на Дубравенцы

«Магілёўскае цунамі» — так найчасцей называюць трагедыю 10 красавіка 1942 года гісторыкі.


Трагедыя на Дубравенцы

Амаль пафасна, але як яшчэ патлумачыць, як за адзін дзень ад «разліву» не ракі нават, а рачулкі Дубравенкі магло загінуць 2–3 тысячы чалавек? Пра гэтую падзею зараз ведаюць не толькі спецыялісты, і ўсё роўна здаецца незразумелым — і тое, што самая буйная ў гісторыі Беларусі эколага-тэхнагенная катастрофа магла адбыцца так проста, і тое, як з часам яна магла аказацца выцесненай на перыферыю гістарычнай памяці. Пры тым, што навукоўцам даўно вядомы масы дакументаў, а дзясяткі, калі не сотні відавочцаў, сучаснікаў трагедыі і зараз жывуць — часам у тых жа самых дамах, што вытрымалі ледзяную навалу, — і ўзгадваюць пра адзін сонечны красавіцкі дзень 1942 г., распавядаюць сваім дзецям. Адна з іх, ураджэнка Магілёва Антаніна Крупень, знайшла аўтара гэтых радкоў сама, даведаўшыся, што я цікаўлюся тэмай.

«Пасля таго як яўрэйскія сем’і былі знішчаны немцамі, хадзіла шмат чутак, што немцы рыхтуюцца прыбраць сляды свайго злачынства, — расказвае Антаніна Філіпаўна. — Дарослыя меркавалі, што немцы збіраюцца разбурыць дамбу на Дубравенцы, каб вада змыла ўсю Карабанаўку. Лічылі, што ваду для гэтага яны спецыяльна збіралі за чыгуначным насыпам. Баючыся патопу, людзі, у тым ліку мае маці і цётка, якая жыла разам з намі, штоночы пільнавалі рэчку, бо чакалі, што немцы хутчэй за ўсё здзейсняць патоп ноччу».
Гэтыя страхі былі ўсё ж больш чуткамі, чым праўдай. Як мы ведаем зараз, насамрэч у трагедыі наўмыснага было мінімум. У ліпені 1941-га Чырвоная Армія пакідала Магілёў. Па Дняпры ствараўся першы сур’ёзны эшэлон абароны, сюды, у ваколіцы нашага гораду, паспелі перавесці дзве дывізіі з рэзерву, паспелі эвакуіраваць прадпрыемствы, нават вывезлі магілёўскі заапарк. Каб нішто не даставалася ворагу, на тым месцы, дзе чыгунка перасякае Дубравенку, падарвалі насып. Гэта павінна было спыніць рух на лініі Магілёў — Мінск, але ў выніку выбуху сам насып толькі прасеў. І прасеўшы, ён перакрыў русла рэчкі. На гэтую акалічнасць звярнулі ўвагу ўжо акупацыйныя ўлады, бо да наступнай зімы за насыпам разлілося возера на некалькі кіламетраў. «Возера было аграмаднае, тоны вады», — узгадвае іншы відавочца, Яўген Калачоў, які і зараз жыве на высокім беразе Дубравенкі каля Быхаўскага рынку. Па лёдзе гэтага возера ён з сябрамі часам пракрадаўся да нямецкіх складаў у Пячэрскім лесе, красці тое-сёе на продаж. За кошт гэтага сям’я і выжывала. Тады, у 42-м годзе, у пачатку красавіка лёд яшчэ стаяў.


Трагедыя на Дубравенцы

Прадчуваючы аварыю, альбо з неабходнасці правесці рамонтныя работы на чыгуначным палатне, каб аднавіць сувязь з Мінскам, акупацыйныя ўлады нарэшце вырашылі спусціць возера і для гэтага арганізавалі рамонтную брыгаду, якая прабівала насып некалькімі трубамі адразу. Прабівалі досыць доўга і ўжо дайшлі да рэштак той самай трубы, у якую савецкімі войскамі закладалася выбухоўка ў 41-м. А 10 красавіка насып прарвала. У адно імгненне знёсшая ўсіх рамонтнікаў хваля пайшла па берагах. «Грукат быў, нібыта кананада», — згадвае спадар Яўген. Раўло і набліжалася. Тады ён і выскачыў на вуліцу. Па рацэ несла дамы, лазню. З яе вокан выскоквалі і адразу танулі людзі. Плыла каляска з дзіцём. Нейкі мужчына ўцякаў ад Дубравенкі на супрацьлеглы бераг, па вуліцы Лазарэнка ў кірунку драмтэатра, аднак праз некалькі імгненняў і над яго галавой ужо сышліся воды.

«Было гэта пасля абеду», — таксама ўзгадвае Антаніна Крупень. Яе дом стаяў каля самай вады, на вуліцы Правая Дубравенка, недалёка ад таго месца, дзе ў Дубравенку ўліваецца іншая рачулка, Струшня. «Мы, дзеці, калі гулялі на Дубравенцы, заўважылі, што вада ў рэчцы вельмі хутка прыбывае. Я пабегла дамоў, да мамкі, і закрычала ёй: "Вада! Вада!" Маці адразу стала закідваць мяшкі з мукой і крупамі на печку, каб не намоклі, а потым усе разам — з сястрой, з цёткай — мы сталі адкрываць дзверы, каб уцячы з дому. Вада так моцна падперла дзверы, што мы ледзьве іх адчынілі. Потым ужо па ва-дзе, якая амаль дасягала калена, мы пабеглі на горку за нашым домам. Калі ўзбеглі на поўгары, азірнуліся і пабачылі, як наш дом ужо плыве, падхоплены плынню, у бок Струшні. Ён праплыў недзе метраў сто і рассыпаўся».

Усё заняло літаральна дваццаць хвілін, іх хапіла, каб хваля — а спачатку гэта была бурлівая, каламутная вада, што падымала і зносіла дамы, і толькі потым лёд — прайшла, нібыта вылізала берагі рэчкі ад таго месца, дзе зараз пачынаецца маляўнічая набярэжная Дубравенкі з «вялікім» фантанам, да Дняпра. Гэта былі дваццаць хвілін, цягам якіх па рацэ плылі дамы, дрэвы, людзі. «Шмат людзей было голых, — расказвае Антаніна Філіпаўна, — бо гэта быў час, калі многія прымалі лазню, і людзей з лазні павымывала. Хтосьці з людзей спрабаваў ратавацца на гэтых дрэвах, хтосьці — вылезці з дому праз вакно, залезці на дах. Часам дрэвы абганялі дамы і збівалі галлём людзей з даху ў ваду. Было шмат ледзяных крыг, яны проста разбівалі дамы, забіваючы людзей. На Струшні жыла невялікая сям’я — свёкар, свякруха і іх нявестка. Іх пакой не меў вакон у бок рэчкі, па гэтаму яны прапусцілі пачатак патопу і не змаглі ўжо выбрацца з дому. Мы бачылі, як вада залівае іх дом, як нявестка спрабуе ратавацца праз вакно. Усе крычалі, прасілі дапамогі, але дапамагчы ніхто нікому не мог».

Не толькі дапамагчы, але нават падабраць, пахаваць большасць тых, хто загінуў, ніхто не мог — падысці да рэчкі немагчыма было яшчэ некалькі тыдняў, бо людзі проста патаналі ў глеі, гліне, нанесеных патопам. «Я сама правалілася ў гліну па пояс, — працягвае Антаніна Крупень. — Гэты глей падсыхаў доўга, і ў ім яшчэ недзе з год час ад часу знаходзілі трупы. Мы дзецьмі, гуляючыся на рэчцы, таксама часам іх знаходзілі. Бачыш нейкую анучыну ці вяроўку, пацягнеш яе з зямлі, а там рука ці нага».
Колькі было ахвяр, зараз даведацца немагчыма — яшчэ і таму, што акупацыйныя ўлады падлікам не займаліся. Гісторыкі вызначаюць умоўную лічбу ў 2, часам — у 3 тысячы чалавек. Лічыцца, што больш за ўсё ахвяр было на Быхаўскім рынку, бо ўвесну 1942-га гэта было адзінае месца, дзе можна было набыць нешта з ежы. Штораніцу сюды з’язджаліся вяскоўцы з наваколля мяняць харч на старыя рэчы гараджан. Рынак увесь знесла ў Дняпро. Пазней яшчэ некалькі гадоў запар увесну магілёўскія махляры карысталіся страхам гараджан перад Дубравенкай — прыбягалі на рынак з крыкамі «Патоп! Патоп!» і чакалі, пакуль спалоханы люд уцячэ на бліжэйшыя горы, кінуўшы скарб. «Целамі былі ўсланы ўсе берагі, — таксама ўзгадвае Яўген Калачоў. — Большасць людзей і дамоў знесла ў Дняпро. Падлічыць усе ахвяры было немагчыма, дый немцы гэтым не займаліся. У адну агульную яміну складалі ўсе непрытомныя целы, так што брацкая магіла потым яшчэ суткі хадзіла ходырам».

Трагедыя не толькі засталася ў памяці людзей, але ўжо нават абрасла фантазіямі. А вось дакументальна факт трагедыі зафіксаваны слаба — у архівах дакументаў часоў акупацыі можна знайсці хіба караценькую нататку ў гарадской газеце і выпіскі пра матэрыяльную дапамогу ахвярам. Апошняя акалічнасць, дарэчы, верагодна, і стала тым фактарам, які паўплываў на закрытасць тэмы трагедыі 10 красавіка 1942 года, — у савецкі час не прынята было спачуваць ахвярам, што атрымлівалі б дапамогу ад акупантаў. У навейшы час тэма трагедыі паступова вяртаецца ў масавую свядомасць — некалькі гадоў таму ў Магілёве адбылася навуковая канферэнцыя «Магілёў: гісторыя і сучаснасць», на якой былі прадстаўлены звесткі пра «магілёўскае цунамі». У 2006 годзе магілёўскія студэнты зладзілі збор подпісаў і звярнуліся ў гарвыканком з просьбай усталяваць памятны знак ахвярам трагедыі. Але гэтае вяртанне — не поўнае і надзвычай павольнае. Так, пра магілёўскую трагедыю не ўзгадвае ніводнае энцыклапедычнае выданне, адсутнічае інфармацыя пра яе ў кнізе «Памяць: гіст.-дакум. Хроніка Магілёва» ці ў манументальнай працы «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне: Дзень за днём», што выйшла ў выдавецтве «Беларусь». І што ўтойваць — ніводнага памятнага знака ў горадзе ці хаця б крыжа на месцы трагедыі альбо на месцы пахавання (якое яшчэ варта высветліць навукоўцам) дагэтуль няма.

Аляксей Бацюкоў,
старшы выкладчык Беларуска-Расійскага універсітэта
«Могилевские Ведомости»

Instagram
Vkontakte
Telegram