Четверг, 15 октября 2009 09:02

«Ликбез» для ўсіх, каму гэта цікава

Марзалюк ИгорьЛетом этого года вышла в свет книга «Міфы "адраджэнскай" гістарыяграфіі Беларусі» доктора исторических наук, заведующего кафедрой археологии МГУ имени А.А. Кулешова Игоря Александровича Марзалюка. Неоднозначная в оценках работа известного ученого вызвала много споров. Полемика, начавшаяся на электронных страницах Могилевского городского информационно-справочного портала, быстро перебросилась на другие сайты и издания. В частности, только в журнале «Arche» опубликовано 3 материала — «Хто баіцца Ігара Марзалюка?» Алексея Батюкова, «Чытаючы Ігара Марзалюка» Алексея Дерманта и «Яшчэ адно вызваленне» Велдама. Подробный ответ Игоря Марзалюка на замечания последнего рецензента читайте на MyCity.by.

У сваёй апошняй кніжцы «Міфы «адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі» я паабяцаў ніколі не палемізаваць з Генадзем Мікалаевічам Сагановічам , бо ў сваёй так званай «рэцэнзіі» на нашу манаграфію «Людзі даўняй Беларусі», ён перакруціў маю аўтарскую пазіцыю шмат раз ды хлусіў бязбожна. Таму 3 раздел маёй апошняй кнігі разбору яго «навуковай» крытыкі той манаграфіі і прысвечаны [І Марзалюк І. А. Міфы «адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі. Магілёў. 2009. С.84 — 131]. Дасланы ж зараз тэкст «Яшчэ адно вызваленне» за подпісам Велдама рэцэнзіяй назваць цяжкавата. Зноў тое ж самае пакепліванне, імкненне унікаць ад рэальнага зместу тэкстаў, фанабэрыя ды асабістыя знявагі на мой адрас. Калегі, што атрымалі гэты матэрыял, увогуле сумняваліся — ці варта яго размяшчаць на сайце?

Але... Я ніколі не ўхіляўся ад бойкі, бо для мяне асабісты гонар — перадусім і надусім. Не хочацца таксама, каб у шаноўных чытачоў такога паважанага магілёўскага сайта, пасля публікацыі таямнічага Велдама склалася ўражанне, што я адзін такі «злы і нядобры». Тым больш не хочацца, каб нехта падумаў быццам бы «такое» можа пісаць толькі гісторык, які працуе ў дзяржаўным універсітэце і гранты дзяржаўныя атрымоўвае. (Скажу па вялікаму сакрэту — яшчэ і «буржуінскія» маю, з краінаў Еўразвязу, ды страх сказаць — яны і візу шангенскую, на «дурніцу», задарма (!), каб меў магчымасць «навукападобныя» тэксты пісаць, мне адчыняюць). Таму хай самі за сябе кажуць тэксты, не мае, а іншых калегаў, якіх чамусці аўтар «рэцэнзіі» за такія ж «злачынствы», якія я «здейсніў», не крытыкаваў ніколі. Усё ж такі хочацца дапамагчы нашаму крытыку пашырыць кампанію «выкрытых» гісторыкаў за кошт іншых даследчыкаў, да працаў якіх я стаўлюся з павагай і піітэтам, бо не хлусяць, бо гістарычную праўду шукаюць... Таксама мушу у гэтай рэпліцы адзначыць і прамую хлусню у «геніяльным» тэксце нашага «нонканфарміста», а астатняе... хай сабе піша. І папера сцерпіць, і інтэрэт ад гэтага не спыніцца, ды і піва ў карчме на «Шклоўскім кірмашы» ў Магілёве горш не стане.

Спачатку пра хлусню.

Хлусня № 1. Пагромам беларускай гістарыяграфіі не займаўся, не займаюся і займацца не збіраюся. У кнізе толькі пра вытокі міфаў «адраджэнскай» нацыянальнай гістарыяграфіі, пра сацыяльнае асяроддзе ды гістарычны кантэкст, у якім тыя міфы паўставалі, напісаў. А тое, што гэта міфы, то Велдам ведае не горш за мяне. Бо менавіта акурат так іх Райнэр Лінднэр вызначае. Ён усіх гісторыкаў Беларусі «выкрыў» ды «разграміў» задоўга да мяне. А міфы нацыянальнай гістарыяграфіі Беларусі менавіта міфамі назваў ды грунтоўна прааналізаваў іх. Яго кнігу «Гісторыкі і ўлада», як усім вядома, сам Г. М. Сагановіч на беларускай мове дапамагаў выдаваць, а пераклад рабіў цудоўны наш перакладчык, да нядаўняга часу Старшыня БНФ, Лявон Баршчэўскі... Чамусці тады спадар Сагановіч не драбентаваў, не енчыў, сіпуку сабе з-за сваей прыналежнасці да такой «ганебнай», «антынацыянальнай» справы не зрабіў? І чаму ж Сагановіч Райнэра Лінднэра ні нямецкім, ні магілёўскім пагромшчыкам беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі не называў і не называе?

Колькі цытатаў з працы «нямецкага пагромшчыка» Райнэра Лінднэра, нават больш «радыкальных» і «брутальных» чым у «пагромшчыка» магілёўскага, Марзалюка.

Райнэр Лінднэр. Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі XIX — XX ст. Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд» Мн., 2003.

Пра Кароткую гісторыю Вацлава Ластоўскага 1910 г. :

С.79. «...З гістарычнага трохкутніка ўзаемадачыненняў Літвы, Польшчы і Беларусі Ластоўскі выцягнуў беларускія сегменты і склаў іх у загадзя задуманую біяграфію свайго народа. Паваротнымі пунктамі ў ёй сталі змены палітычных уладаў і адрозненні эпох «культурнага развіцця беларускага народа». Для далейшага развіцця працэсу нацыянальнай эмансіпацыі на беларускіх землях сам факт існавання гэтага першага ў роднай мове апісання «гісторыі Бацькаўшчыны», несумненна важнейшы за ягоны змест».

С. 80. «... В. Ластоўскі і М. Аркас (украінскі гісторык — заўвага І. Марзалюка) стварылі нацыянальныя кампіляцыі гісторыі, змест якіх хутчэй вынікаў з надзённых патрэбаў, чым грунтваўся на даследаваннях гістарычных фактаў».

Пра міфы заснавання дзяржавы ў дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі:

Р. Лінднэр назву падраздела 2.1.2. у манаграфіі (с. 81) фармулюе проста і ясна — «Полацкае княства як міф заснавання дзяржавы»

С. 81. «...Канстантай беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі часоў Доўнар-Запольскага і Ластоўскага было вызначэнне ўсходнеславянскага Полацкага ўдзельнага княства ў IX — XII ст. як «зыходнага пункту беларускай дзяржаўнасці». ...Ідэйным бацькам крывіцкай тэорыі і гістарычнага ўзвялічвання Полацкага княства быў М. В. Доўнар-Запольскі. У сваёй працы, што выйшла ў 1891 г. у Кіеве пад назвай «Нарыс гісторыі Крывіцкай і Дрыгавіцкай земляў да канца XII ст.», гэты вучань Антановіча абмаляваў гістарыяграфічную матрыцу міфа «беларускай дзяржаўнасці», з дапамогай якой з таго часу быў акрэслены вобраз гісторыі для гісторыкаў-навукоўцаў і аўтадыдактаў, што займаліся гісторыяй».

С. 83. «...Яшчэ адным складнікам полацкага міфа быў «дэмакратычны лад» княства. ...Апошняй істотнай уласцівасцю той міфатворчай ідэі раннесярэднявечнае беларускае дзяржаўнасці ў Полацкім княстве было шанаванне князёў».

С. 85. «...міф Полацка як дзяржавазаснавальніцкі чыннік зрабіўся агульным местам тагачаснага і пазнейшага беларускага вобраза гісторыі. З таго часу нацыянальна арыентаваныя беларускіяс гісторыкі бачылі ў Полацку зыходны пункт беларускай дзяржаўнасці».

Загаловак пра беларускі вобраз ВКЛ не меньш красамоўны — Літва і міф «залатога веку» (b>с. 85)

С. 87. «...Калі ў іншых выпадках у дачыненні да беларускага эмансіпацыйнага руху наўрад ці выпадае казаць пра нацыяналізм, дык у працах гісторыкаў ён знайшоў сваё месца. Не без агрэсіўных акцэнтаў ён раз-пораз быў скіраваны супраць Літвы, Польшчы і Расіі; таксама «міф Літвы» ў гэткай самай ступені вызначаўся толькі ex negativo. Вялікае Княства і «беларускі залаты век» утварылі стрыжань новавыпрацаванага нацыянальнага пераканання беларускіх навукоўцаў».

Агульная выснова аўтара аб стане дарэвалюцыйнай нацыянальнай гістарыяграфіі:

С. 117. «...Дасавецкая гістарыяграфія на беларускіх землях збольшага засталася на данавуковым узроўні».

Не меньш красамоўная назва трэцяга разделу кнігі ды яе змест, прысвечаны міжваеннай гістарыяграфіі Беларусі — «Суперніцтва міфаў: нацыянальная гісторыя супраць савецкай гістарыяграфіі» (С. 237 — 274 ). Дарэчы, нямецкі гісторык у разделе 3.1.5. паўстанне 1863 іначай як польскім не называе, ды добра паказвае, як у той час беларускія гісторыкі стварылі міф пра Каліноўскага — С. 259 — 266. Адзінае, у чым тут можна удакладніць аўтара, дык гэта тое, што першым артыкулам пра Каліноўскага быў не тэкст А. Цвікевіча 1924 г. у «Полымі», а публікацыя Вацлава Ластоўскага 1916 года — «Памяці Справядлівага». Між іншым, менавіта В. Ластоўскі упершыню перайначыў імя Каліноўскага — Вікенці Канстанцін Каліноўскі пад пяром Власта стаў «Касцюком Каліноўскім» 1.

«Пагром « Р. Лінднэрам нацыянальнай гістарыяграфіі канца 80-х — пачатку 90-х гадоў XX ст.:

С. 450. «...3. 2.2. Полацк як «першая беларуская дзяржава» ...Полацкае княства была выбудавана даследчыкамі старадаўняй гісторыі як (храналагічна) першы аргумент супраць сцверджанняў, нібыта беларусы да 1991 года не мелі дзяржаўнай традыцыі».

С. 451. «...аўтары амаль усіх навучальных дапаможнікаў, якія вышлі ў свет ў 1990 — 1993 г., бачылі ў Полацкім княстве ўвасабленне раннебеларускай дзяржаўнасці. Пры гэтым з да- і раннесавецкай гістарыяграфіі былі ўзяты міфы пра першага полацкага князя Рагвалода і ягоную дачку Рагнеду, пра князя Ўсяслава Брачыслававіча ды яго паспяховае княжанне, а таксама пра Еўфрасінню Полацкую — гэтаксама як пра ўзвышаны ў вечавым ладзе «раннедэмакратычны характар» Полацкай дзяржавы, які выразна адрозніваўся ад кіеўскага і пазнейшага маскоўскага ладу.

У дачыненнні да гістарыяграфіі Полацка прыкладна з 1994 — 1995 г. пачалася дэм іфалагізацыя (Versachlichung) і больш выразная дыферэнцыяцыя поглядаў».

С. 470. «...Нацыянальна-беларускі вобраз гісторыі хутка выявіў «каланізатарскія» рысы. ...Калі беларускія гісторыкі ў дачыненні да Літвы ўвесь час рабілі намёкі пра «беларускую сутнасць» Вялікага Княства Літоўскага ды яго эліты, дык польскія гісторыкі і літаратуразнаўцы час ад часу бачылі сябе «абрабаванымі» — калі гаворка йшла пра іх нацыянальных святых Адама Міцкевіча ды Тадэвуша Касцюшку».

Парада Р. Лінднара, да якой не грэх усім нам, калегі, прыслухацца:

С. 483. «...Застаецца спадзявацца, што ўсё больш і больш гісторыкаў з Мінска, Гродна альбо Гомеля будуць выпрабоўваць канкурэнтныя канцэпцыі бачання мінулага на наяўнасць у іх рацыянальнага стрыжня і паказваць гісторыю Беларусі такой, якая яна ёсць: гісторыяй этнічна, культурна і рэлігійна адмежаванай гістарычнай прасторы, якая — у выніку сваёй прыналежнасці да Кіеўскай Русі, да Вялікага Княства Літоўскага, да Рэчы Паспалітай, да царскай імперыі і да Савецкага Саюзу — увасабляе увасабляе цэнтральна-ўсходнееўрапейскія і ўсходнееўрапейскія традыцыі мінулага тысячагоддзя ва ўсёй сваёй разнастайнасці, з усімі крызісамі і перыпетыямі. Палітычная і культурная будучыня маладой Рэспублікі Беларусі не ў апошнюю чаргу залежыць ад успрымання гэтай багатай гісторыі».

Хлусня № 2. Велдам піша: «...Зрэшты, магілёўскія пагромшчыкі напэўна не чытаюць апошняй беларускай гістарычнай літаратуры ці чытаюць яе так, як гэта рабіць не трэба. Бо ў 2006 г. выйшла выдатная кніга мінскага этнолага Паўла Церашковіча, дзе апошні нічога не разграміў, нікога не разаблачыў, толькі вельмі карэктна выказаўся аб тым, што палітыка расійскай адміністрацыі ў гэты час адназначна ацэньвацца не можа.» Кніга безумоўна, выдатная і я ад яе, як і наш крытык, у захапленні. Толькі кніга выйшла не ў 2006, а ў 2004, у выдавецтве БДУ... Што праўда, у спасылцы ён паправіўся, назваў правільныя выходныя дадзеныя, у адрозненне ад тэкста. Але каб толькі гэтая прыкрая неахайнасць... аўтар «рэцэнзіі» працягвае: «Так што хочацца параіць Ігару Аляксандравічу перачытаць «Этническую историю Беларуси» , пра якую ён у кнізе(маю на ўвазе спіс літаратуры) не памянуў, але паправіў сваю хібу ў відэаканферэнцыі». А я ж раю Велдаму разгарнуць «Міфы «адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі» на старонцы 37, там акурат спасылка на кнігу глыбокапаважанага мной Павела Усеваладавіча Церашковіча змешчана. І здаецца, спасылка там карэктная. Так што «соврамши Вас», спадар крытык!

Іншая справа, што ў спісе літаратуры сапраўды кніга не пазначана, але гэта тэхнічны хіб, бо спачатку пісаўся тэкст, а потым, па пастаронкавым спасылкам, складаўся спіс крыніц і літаратуры. Праца П. У. Церашковіча папросту «выпала», я ж не дагледзеў. Каюся , грэшны. Mea kulpa!

Хлусня № 3. «Наогул нельга адмовіць Марзалюку ў тым, што ён умее знаходзіць цікавыя факты і папулярызаваць гісторыю. Мне , напрыклад, было вельмі цікава даведацца пра «шляхецкія» асаблівасці выступлення 1740 — 1744 гг. на Крычаўшчыне, адкуль я родам. Але гэта ўсё адкрыў не Ігар Аляксандравіч, а польскі вучоны Мар'ян Лех, ды яшчэ ў 1960 годзе». Слушна, сам ведаю, што гэта заслуга Марыяна Леха, дык я і не прысабечваю лаўры першаадкрывальніка. Разгарніце, калі ласка, Велдам, маю кнігу «Этнічны і канфесійны свет беларускага горада XVI — XVIII стст» выдадзеную ў 2007 годзе, там на старонках 141 — 142 ёсць адпаведныя спасылкі на працу шаноўнага польскага калегі Марыяна Леха. Увогуле, дзіву даюся — як жа Вам не сорамна так беспардонна хлусіць? Вы ж быццам бы ў дадзеным тэксце гэтую кнігу рэцэнзуеце таксама, то спасылкі мусілі бачыць. Так што чытаць уважліва трэба, а то, даруйце — у каторы раз — ізноў у калюжыну селі...

Хлусня № 4. Толькі вельмі моцнай фантазіяй можна растлумачыць абвінавачванне мяне ў тым, быццам бы я лічу сябе першаадкрывальнікам таго факту, што існаваў старабеларускі варыянт царкоўнаславянскай мовы. Хіба я ў выступленні сказаў што гэта «мной даведзена», ці «я у адрозненне ад іншых абгрунтаваў гэты тэзіс»? Навошта перашморгваць, навошта шулернічаць, тым больш так прымітыўна? Усё роўна не павераць Вам тыя, хто захоча тую канферэнцыю паглядзець, пазнаёміцца з першакрыніцай.

Пра арыгінальнае чытанне старабеларускай мовы ды моцную руку Якава Іванавіча Трашчанка

Велдам: «Дарэчы на мове старабеларускай наш збавіцель чытае таксама арыгінальна. Так у відэаканферэнцыі ён кажа, што вядомыя магілёўскія культурныя дзеячы Вашчанкі насамрэч павінны быць Вошчанкамі, зрэшты самі так пісалі. Але ж у пісьмовай старабеларускай мове, як падаецца, жывыя асаблівасці тагачаснай гутаркавай мовы (аканне, яканне дзеканне, цеканнне ) то перадаваліся, то не перадаваліся. Зноў такі, у кожным дакуменце па свойму. А па слоўніку Вашчанка праверыць правільнасць запісу не мог, бо такіх кніг тады яшчэ не выдавалі. Адразу адчуваецца моцная рука Якава Іванавіча, які любіць нават у кніжках для школьнікаў рабіць вялікія лінгвістычныя адступленні».

Знаёмцеся, спадарства, яшчэ адзін арыгінальны чытальнік, як і Марзалюк, але які аўтарытэтны!

Мікола Нікалаеў, доктар філалагічных навук, загадчык аддзела старадрукаў Расійскай Нацыянальнай Бібліятэкі у Санкт-Пецярбурзе, адзін з найвыдатнейшых сучасных беларускіх знаўцаў старабеларускай кніжнасці і літаратуры:

«У 1698 г. адбылася ўрачыстая каранацыя Аўгуста II. Сярод запрошаных на гэтую падзею гасцей у якасці пасла ад горада Магілёва і Багаяўленскага брацтва ў Варшаву разам са шляхетным панам Васілём Сідаравічам Гукам паехаў друкар і мастак-гравёр Максім Вошчанка. ...Прозвішчам «Вошчанка» часта падпісаны гравюры (часам лацінскімі, часам кірылічнымі літарамі) і тытульныя аркушы выданняў гэтага майстра. Неапраўдана пісаць яго «Вашчанка», як гэта часам робяць сучасныя беларускія даследчыкі». Нікалаеў М. Культурная перыферыя Рэчы Паспалітай: кніжная культура Беларусі ў 1648 — 1795 гг. // Silva rerum nova: Штудыі ў гонар 70-годдзя Георгія Я. Галенчанкі / Укладальнікі: Алег Дзярновіч, Альбіна Семянчук. — Вільня — Мінск: AIDAI — ATHENAEUM, 2009. С. 189, заўвага № 15.

Так што праблема з чытаннем найноўшай беларускай навуковай літаратуры, здаецца, не ў мяне, а ў нашага віленска-менскага пагромшчыка-выкрывальніка...

А зараз яшчэ колькі меркаванняў «верных вучняў» Трашчанка, «апалагетаў» заходнерусізму.

Пачнем з меркаванняў таго беларускага даследчыка, якога аўтар «рэцэнзіі» пахваліў, але з такім жа поспехам мог бы і зганіць, з працы кандыдата гістарычных навук Павела Усеваладавіча Церашковіча, да нядаўняга часу загадчыка кафедры этналогіі БДУ, а зараз супрацоўніка ЕГУ у Вільні. Як на мой розум, дык спрэчнай у гэтай амаль бездакорнай, можна нават сказаць узорна-паказальнай працы, здаецца толькі выніковая ацэнка П. У. Церашковічам асобы В. К. Каліноўскага . Але і сам аўтар робіць надзвычай карэктную агаворку у выпадку з Каліноўскім (глядзі ніжэй па тэксту прыведзенай цытаты).

П.В. Терешкович. ЭТНИЧЕСКАЯ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ XIX-НАЧАЛА XX В. В КОНТЕКСТЕ ЦЕНТРАЛЬНО-ВОСТОЧНОЙ ЕВРОПЫ. Мн., 2004.

Пра творы польскамоўнай каталіцкай шляхты (20-я, 30-я гг. XIX ст.) — Заўвага Ігара Марзалюка)

C.74. «...Произведения на белорусском языке у большей части представителей «белорусской школы» появлялись эпизодически. Это в равной степени касается и всех других форм акцентации белорусской этничности, а также и самих авторов. Всему этому явно не хватало преемственности. Характерно, что Я. Чечот, считавший Катехизис 1835 г. «единственным, что есть у многомиллионного белорусского народа», признавался, что ни разу его даже не видел [251, л. 9 об., 10]».

С. 75. «...Я. Чечот не отождествлял себя с белорусами, считая, что «самостоятельная обработка этого наречия без помощи посторонней подлежит сомнению» [251, л. 10 об.]. То же касается и В. Дунина-Марцинкевича, для него Беларусь не была самостоятельной в национальном отношении, представлялась территориально-этнографической, а не национальной целостностью. Шляхетское происхождение практически всех («примордиальный» аспект социальной структуры), за исключением В. Коротынского, литераторов в условиях консервации иерархичной социально-этнической структуры общественных отношений делало психологически чрезвычайно сложно преодолимой, в буквальном смысле слова, пропасть между собой и крестьянством».

Пра Каліноўскага

С.80-82 «...Дело в том, что в отличие от отечественной белорусской историографии, в зарубежной, в том числе в германской, американской и польской, существует достаточно скептическое отношение к нему как выразителю белорусской национальной идеологии [например 347, 379, 397]. Н. Вакар, например, отмечал, что политические идеи К. Калиновского «в целом лишь в малой степени соответствуют мифу, созданному вокруг его имени» [397, с. 72]. А Р. Радзик на основе детального анализа текстов, написанных К. Калиновским, приходит к выводу, что в них не содержалось «артикулированной идеи современной этнокультурной белорусской нации» [379, с. 234]. С этим сложно не согласиться. Действительно в текстах «Мужицкой правды» отсутствуют термины Беларусь, белорусы, белорусский язык, а «литовско-белорусский сепаратизм» К. Калиновского по отношению к Польше не носил национального характера. Действительно публицистика К. Калиновского не была воспринята теми, кому адресовалась. В последнем случае свидетельство Я. Кучевски-Порая («"Мужицкая правда" не создала нигде ни влияния, ни того чувства, которые она старалась вызвать; общее недоверие к панам, а так же барщина были в числе главных причин того, что крестьяне быстро поняли, что обиды те не рукой крестьянина "Янки из под Вильны", а рукой какого-то скрывающегося пана написаны были, что это не было в ней воли народа, к чему тот Янка подталкивал, потому что народ не хотел в то время большего, имея свободу и землю ...»), приведенное Р. Радзиком [379, с. 236], совпадает с мнением В. Савич-Заблоцкого: «Когда Калиновский пан писать стал повстанческую "Белорусскую гуторку", "Гуторку старого деда", Грамоты, Грамотки, Прокламации и т. д., народ не стал верить этим, которые к нему по-мужицки обращались» [190, с. 316].

Вместе с тем едва ли можно согласиться с Р. Радзиком в том, что «вне всякого сомнения Калиновский был типичным (курсив наш. — П. Т.) представителем культурного пограничья» [379, с. 235]. Публицистика К. Калиновского, как по своему социально заостренному содержанию, так и по форме — явление, как для Беларуси, так и в масштабах всего восстания 1863 г., явно не типичное, что отмечают и польские авторы [341, с. 396]. Это очевидно, по крайней мере, если сравнить ее с тем, что издавалось в ситуации другого, польско-украинского пограничья. Кастусь Калиновский, что отмечает и Рышард Радзик, в «Письме из-под виселицы» упоминал белорусов и белорусский язык («ни услышишь и слова ...по-белоруски») в одном ряду с поляками и литовцами, польским и литовским языками, и, следовательно, на наш взгляд, рассматривал их как понятия однопорядковые. Вполне возможно допустить, что упомянутая М. Кояловичем точка зрения («история выработала для белорусов особую национальность») разделялась и К. Калиновским. Но самое главное, не поддающаяся формальному анализу эмоциональная окраска «Письма из-под виселицы» ясно свидетельствует о том, что К. Калиновский совершил то, что было не под силу Я. Чечоту и В. Дунину-Марцинкевичу, а именно — преодолел психологический барьер, разделявший его и крестьян («братья мои, мужики родные»), а потому может считаться, если и не выразителем национальной идеологии, то все же не типичным человеком пограничья, а народным (а с точки зрения сегодняшнего дня — национальным) героем Беларуси. Что же касается негативного отношения белорусских крестьян и к восстанию в целом, и к агитационной деятельности К. Калиновского, то рассматривать эти факты необходимо в широком контексте».

Пра расійскую палітыку ў Беларусі XIX ст. 

C. 139. «...В целом, политика российской администрации (60-я гг. 19ст.) может быть охарактеризована как стремление превратить католика в православного или, по меньшей мере, в белоруса».

C. 140. «...Подчеркнем еще раз — политика российской администрации не может быть понята однозначно. С одной стороны, она препятствовала формированию и распространению национального движения, с другой — именно она «конструировала» белорусскость, создавала «воображаемую» Белоруссию. И без этого этапа формирования белорусского проекта будущая национальная Беларусь едва ли имела бы шансы на возникновение».

Ацэнка заходнерусаў ды іх месца ў кантэксце падобных нацыянальных рухаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы

C. 141. «...Нам же хотелось подчеркнуть закономерность появления «западно-русизма» с точки зрения распространения пророссийских ориентаций среди народов Центрально-Восточной Европы во второй половине XIX  в. Схожесть и взаимосвязь «западно-русизма» и «малороссийства» обстоятельно рассмотрел в специальной публикации Ю. Барабаш [16, с. 95-119]. Сильное «москвофильское» движение существовало в Восточной Галиции. Как отмечает Я. Грицак, в 1870-1880-х гг. собственно украинские национальные организации с трудом выдерживали с ним конкуренцию [38, с. 75]. Сильные пророссийские настроения, включавшие идеализацию России, ее правителей и надежды на освобождение из-под венгерского господства с их помощью, были характерны, наряду с панславистским энтузиазмом, для среды словацких националистов этого же периода [384, с. 45; 401, с. 81].

Одно из самых парадоксальных явлений этой эпохи — русофильская тенденция в развитии латышского национального движения. Особенно она была характерна для настроений К. Вальдемарса и К. Безбардиса и нашла отражение на страницах влиятельных латышских изданий «Baltijas Vestnesis» и «Baltijas Zemkopis». Лидеры этого направления считали целесообразным проведение более масштабной русификации Латвии, не видя в этом серьезной угрозы, так как русский народ, с их точки зрения, отличается терпимостью к другим культурам. Русский язык, как считал К. Вальдемарс, должен был стать вторым языком латышей. Он подчеркивал, что русскоязычный латыш не является потерей для нации. Необходимость более интенсивного внедрения русского языка и культуры объяснялась этногенетическим родством латышей и русских. ... Аналогичное направление существовало и в эстонском национальном движении.

C. 142. ...В данном случае необходимо отметить, что вообще грань между «западно-русской» и собственно белорусской национальной позициями применительно к 1870-1890-м гг. провести достаточно сложно. Поляризация эта произошла значительно позже — во второй половине 1900-х гг., когда белорусское национальное движение стало заметной политической и культурной силой.

Вне всякого сомнения, что во второй половине XIX  в. именно активность «западно-русов» в первую очередь способствовала артикуляции белорусской этничности.

C. 144. ...В целом же «западно-русизм» второй половины XIX  в. сыграл роль первого этапа «этнографической» фазы, характерной для большинства народов Центрально-Восточной Европы. Это был этап накопления эмпирического материала, но без него национально-политические проекты начала XX в. едва ли были бы возможными».

Класічныя сучасныя «нібыта заходнерусы», з якімі я, Ігар Марзалюк, салідарны на 100%.

Яўген Мірановіч. Доктар габілітаваны, прафесар Беластоцкага універсітэта (Польшча).

Найноўшая гісторыя Беларусі. Санкт-Пецярбург,«Неўскі прасцяг», 2003.

С. 15-16. «...У другой палове XIX стагоддзя развіваліся дзве беларускія інтэлектуальныя плыні, што адлюстроўвалі тагачасныя рэлігійныя падзелы. Каталікі і праваслаўныя жылі быццам бы ва ўзаемнай духовай абасобленасці, якую, дарэчы, падтрымоўвалі расейскія улады, і нацыянальная ідэя гэтых двух асяроддзяў развівалася рознымі шляхамі. Сярод праваслаўных вельмі папулярнай была ідэя заходнерусізму, вельмі блізкая да царскай дактрыны расейскага народа, які складалі «велікарусы» (расейцы), «маларусы» (украінцы) і заходнерусы (беларусы). Галоўны ідэолаг гэтага руху — Міхаіл Каяловіч — патрабаваў увесці беларускую мову ў дзяржаўныя школы і ўрадавыя пастановы Беларусі. Прапанаваў ён таксама правядзенне радыкальнай аграрнай рэформы, а ў яе выніку — падзел вялікай зямельнай уласнасці і перадачу зямлі сялянам.

...Пасля задушэння паўстання 1863 года «заходнерускі» рух з прычыны свайго грамадскага радыкалізму стаў не надта выгадным саюзнікам для царскіх уладаў і таму неўзабаве быў выведзены на ўзбочыну грамадска-палітычнага жыцця. Аднак выступаў ён ад імя больш як 70% жыхароў Беларусі і гэты факт асноўным чынам паўплываў на працэс фармавання беларускай нацыянальнай ідэалогіі ў канцы XIX стагоддзя. Заходнерусізм паспрыяў таму, што каталіцкія эліты перасталі думаць пра Беларусь у катэгорыях Рэчы Паспалітай, і стаў прычынай адарвання беларускай ідэі ад псіхалагічна-культурнага польскага кантэксту».

Алег Латышонак. Доктар габілітаваны, прафесар Беластоцкага універсітэта (Польшча).

Жаўнеры БНР. Беларускае Гістарычнае Таварыства, Беласток, Інстытут Беларусістыкі, Вільня, 2009.

С. 23 — 24.
«...Разам з далучэннем земляў Вялікага Княства Літоўскага да Расеі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай і пераходам у 1839 г. амаль усіх уніятаў у праваслаўе тэрміны «Беларусь», «беларус», «беларуская мова» атрымалі выключнае права на ўжываньнне. Гэтаму, несумненна, спрыяла і палітыка царскіх уладаў, якія ў сваёй дзейнасці карысталіся менавіта гэтымі тэрмінамі. Насуперак распаўсюджаным у літаратуры па тэме сьцьверджаньням, царскія ўлады ніколі не забаранялі ані ўжываць назву «Беларусь», ані карыстацца ў друку беларускай мовай, што навукова даказаў беларускі гісторык А. Шлюбскі. Зрэшты. Дастаткова згадаць пра тое, што кожны імператар Усяе Расеі адначасова насіў тытул уладара Белай Русі, і хоць бы дзеля гэтага такая назва не магла быць забароненая. Больш за тое, згодна з расейскай ідэалёгіяй, расейскі народ складаўся з трох «плямёнаў» : велікарускага, маларускага і беларускага. Такім чынам, кожнага жыхара Беларусі, праваслаўнага ці каталіка, вучылі ў школе, што ён з'яўляецца менавіта беларусам. Гэта нават выклікала пратэсты з боку тых беларусаў, якія хацелі быць проста расейцамі.

Інтэлектуальнай плыньню, якая акрэсьлівала пазыцыі праваслаўных беларусаў, быў т. зв. «заподноруссизм». ...Як сацыяльна-палітычны рух «западноруссизм» сфармаваўся ў час Студзеньскага паўстаньня 1863 г. Галоўны ідэоляг і дзеяч гэтага руху, Міхаіл Каяловіч, заклікаў беларусаў да барацьбы з паўстаньнем. Гэта па ягонай ініцыятыве літоўскі генэрал-губернатар Міхаіл Мураўёў стварыў апалчэньне, якое ў значнай ступені спрычынілася да задушэньня паўстаньня. Апалчэньне, якое ў беларускай і польскай літаратуры выступае як праява цемнаты беларускіх сялян, мела выразна акрэсьленую М.Каяловічам ідэалёгію. Ня лішнім будзе нагадаць, што М. Каяловіч выступаў ад імя беларусаў, у той час як ягоны галоўны праціўнік В.К. Каліноўскі ў сваёй агітацыйнай дзейнасці словаў «беларус» і «беларускі» пазьбягаў, спрабуючы абудзіць сярод беларускіх сялян польскі патрыятызм. Акрамя таго «западнорусская» партыя дамагалася ўвядзеньня ў Беларусі пачатковай школьнай адукацыі на беларускай мове, у той час як шляхецкія радыкалы з-пад штандара «Muzyckaj Praudy» агітавалі за вяртанне ў Беларусь польскага школьніцтва.

...Кажучы пра «западнорусский» рух, мы павінны памятаць пра тое, што само азначэнне «западнорусс» мела перш за ўсё палітычны, а не этнічны характар. У гэтым другім сэнсе «западноруссы» на чале з М. Каяловічам звычайна называлі сябе беларусамі. Акрамя таго, пазыцыя М. Каяловіча і яго наступнікаў у сацыяльных і рэлігійных пытаньнях мела скрайні характар і не характарызавала ўсіх магчымых пазыцыяў, якія акрэсьліваліся як «западнорусские». Гэты асяродак на працягу некалькіх дзесяцігоддзьдзяў стварыў падмурак таго, што стала неадлучнай, прынамсі ў пачатку XX ст., часткай беларускай ідэалёгіі. Асабліва гэта датычыць гісторыі, дзякуючы апэляцыі да нацыянальных каранёў, старэйшых за Вялікае Княства Літоўскае, г. зн. да Полацкай зямлі як да першага беларускага дзяржаўнага ўтварэньня, а таксама крытычнай трактоўцы ўсяго перыяду існаваньня Рэчы Паспалітай.

Характэрна, што нават беларускія шляхецкія рэвалюцыянэры ўрэшце прынялі сфармуляваную «западноруссами» ідэалёгію, у тым ліку «западнорусскую» версію гісторыі беларускага народу і найважнейшы палітычны пастулят «западноруссов» — разарваньне сувязяў з Польшчай на карысць Расеі».

Чаму ж Велдам з «сотоварищи» не «наязджае» на тэксты гэтых аўтараў? Адказ, як здаецца, на паверхні — пашпарты ў іх не беларускія (за выняткам П. Церашковіча), шмат што ад іх залежыць — стажыроўкі, гранты... Таму «прынцыповыя» «адраджэнцы» па завуголлю могуць пашаптацца, што тэксты Я. Мірановіча ці А. Латышонка, то мадэрнізацыя «заходнерусізма», але каб «раздалбай» напісаць, то тут «звіняйце». А ўжо калі хто-небудзь з заходнееўрапейскіх гісторыкаў напіша што пра Беларусь, то нават калі «не ў дугу», усё роўна крытыка будзе ашчаднаю і далікатнаю. Пагартайце рэцэнзіі Сагановіча ў Беларускім Гістарычным Аглядзе, адчуйце розніцу...

Пра нацыянальны беларускі рух, падручнікі па гісторыі Беларусі аўтараў.

У мяне палова роду праваслаўная, палова — рыма-каталікі. Палова роду — сяляне, палова роду — шляхта. Сам, па бацьку, я «заходнік». Са Стаўпецкага раёну, з вёскі Падлессе, паходзіць мой род Марзалюкоў. «Кароткую гісторыю Беларусі Власта» і «Гісторыю беларускай літаратуры» М.Гарэцкага я прачытаў у 1983 г. на гарышчы дома свайго дзеда Івана Марзалюка ва ўзросце 15 гадоў і да сёння памятаю, як гэтыя кнігі паўздейнічалі на крышталізацыю маёй беларускай нацыянальнай свядомасці.

Такім чынам — нацыянальны падручнік, падручнік для сярэдняй школы, мусіць вучыць любіць мінулае Беларусі, мусіць ствараць у дзіцяці адчуванне прыналежнасці да беларускага народу, фарміраваць пачуццё нацыянальнай салідарнасці, гонар за сваю мову і краіну. Але пры гэтым і веды трэба даваць па прадмету ды не апускацца да прамых фальсіфікацыяў, чужое не красці. Лепшыя школьныя падручнікі па старажытнай і сярэднявечнай гісторыі Беларусі напісаны не ў Магілёве, а ў Менску — гэта падручнікі і дапаможнікі, падрыхтаваныя пры ўдзеле Г.Я. Галенчанкі, П. А. Лойкі , Г. В. Штыхава. Для мяне прынамсі, менавіта гэтыя тэксты найбольш і ўзважаныя, і збалансаваныя, і ўсім, хто не прафесійны гісторык, раю гэтыя кнігі для агульнага развіцця прачытаць, карысна будзе.

Сёння, дзякуючы вышэйпамянёным аўтарам, сярэднестатыстычны беларус ведае, што вытокі яго і ягонага народу, ягонай дзяржаўнасці, у Полацкім княстве, але найперш — у Вялікім Княстве Літоўскім. Як паказваюць сацыялагічныя даследаванні NOVAK, так лічыць пераважная большасць беларусаў, і нацыянальная свядомасць нашага народу, насуперак плакальшчыкам над яго «нацыянальнай цемнатой», умацавалася. Так што з масавай нацыянальнай і гістарычнай свядомасцю зараз лепш, чым калі-небудзь. І гэта файна.

Такім чынам — нацыянальны падручнік па нацыянальнай гісторыі — гэта заўсёды сімвал веры нацыі ў сваю прышласць, рэлігія яе пачуццяў, калі хочаце. Маладзён на уроках гісторыі Беларусі мусіць вучыцца любові да Айчызны і да сваіх продкаў, мусіць адчуваць сваю адказнасць як грамадзяніна за свой дом і краіну. Рэч ясная, што тыя вучэбныя дапаможнікі, якія зневажаюць і аплёўваюць беларускі нацыянальны рух канца XIX — пачатку XX стст., без якого не было б ні БНР, ні БССР, ні Рэспублікі Беларусь, дапаможнікі, якія адмаўляюць дзяржаватворчыя традыцыі на нашых землях, адмаўляюць самастойнасць нашага народу і яго мовы, то такія, з дазволу сказаць, «падручнікі» і «дапаможнікі» не проста хамскія — яны антыканстытуцыйныя, іх у школах не павінна быць у прынцыпе і па азначэнню.

Прыемна таксама, што беларуская гіістарыяграфія як ніколі сёння стала моцнай і прафесійнай. Скажу толькі пра нацыянальных гісторыкаў, якія Сярэднявеччам займаюцца — Г. Галенчанка, М. Спірыдонаў, Д. Караў, М. Нікалаеў, В. Насевіч, П. Лойка, В. Голубеў, У. Сосна, Я. Анішчанка, Ю.Бохан, А. Люты, А. Любы, Н. Гардзіенка, А. Дзярновіч, А. Белы, А. Груша, А. Доўнар, А. Семянчук, Ю. Гардзееў, В. Варонін, С. Рыбчонак, В. Галубовіч, В. Цёмушаў, І. Кітурка, С. Марозава — вось гэты далёка няпоўны пералік прозвішчаў аўтараў, тэксты якіх, на маю грэшную думку, складаюць залаты фонд беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. А яшчэ у нас ёсць бліскучая школа беларускай археалогіі, але сёння размова не пра яе, таму хай калегі выбачаюць, што іх прозвішчы не ўзгадваю. Вышэйпамянёных аўтараў ну ніяк не хочацца «граміць» — бо няма за што, бо «профі» вышэйшага ўзроўню, бо навуку ствараюць, а не казачкамі ў стылі «пажаданай» гісторыі прабаўляюцца.

Праўда кнігі гэтых аўтараў не прыемнае чытво на нач, трэба мець адпаведную падрыхтоўку і кваліфікацыю, каб належным чынам іх засвоіць і зразумець. Чытайце і параўноўвайце. Прынамсі я, шмагрэшны і слабы Марзалюк, не лічу свае выказванні ісцінай у апошняй інстанцыі, а сваю апошнюю кнігу бездакорнай і беззаганнай. А тое, што яна выклікала такія эмоцыі, такую дыскусію — мне, як аўтару, не буду хлусіць, прыемна.

І апошняе. Шаноўныя калегі, паважанае паспольства Богам ратаванага места Магілёва! Напэўна прэзентацыю я ўсё ж правяду, праўда, прыйдзецца некалькі кніжак ахвяраваць з уласнага, зусім ужо маленькага, «загашніка», бо ў выдавецтве на продаж іх няма. Чакайце абвестку. Хутчэй за ўсё гэта адбудзецца на наступным тыдні, у другой яго палове — ці ў чацвер, ці ў пятніцу. Прысутнасць прэсы любога разліву і палітычнай арыентацыі будзе толькі вітацца.

Ігар Марзалюк

Примечание:

  1. Ластоўскі В. Выбраныя творы. Беларускі кнігазбор. Мн., 1997. С.306.

Товары и услуги в Могилеве

Instagram
Vkontakte
Twitter