Среда, 09 ноября 2011 14:31

Магілёўскі хранограф: «раку Днепр мерцвякі перагарадзілі»

МагілёўУ той час, калі Францыск Скарына ў Вільні выдаваў сваю «Малую падарожную кніжыцу», у Магілёве з’явіліся прышлыя людзі. Аселі яны за ракой Дубравенкай, на слабадзе і на пасадзе. Праз шэсць з нечым год гараджане пабудавалі замак на гары, якая да гэтага Магілай называлася. Замак гэты дужа спатрэбіўся — асабліва калі кароль Жыгімонт з Маскоўскім князем пасварыліся. Каб не надзейныя муры ды вежы, і следу б ад Магілёва не засталося. Пра гэтыя і не толькі падзеі паведамляе аўтар «Баркулабаўскай хронікі». Словы даўнія, словы праўдзівыя...

У 1520-я гг. на Леткаве, у напрамку Пячэрска, пасяліліся вотчычы — Сухач, Бутак, Андросавіч. Каля самаго месца спыніліся прышлыя людзі — сяляне з Княжыц, з Галоўчына і іншых шматлікіх вёсак. За Дубравенкай аселі буйнічане і галынчане, а таксама сяляне з Радзівонкавіч. Радзівонкавічы ўзніклі раней за Буйнічы, але гэта старыя, даўнія паселішчы. А каторыя аселі на слабадзе, на Грыўцы, на беразе Кашчовага, каля Дзесяціннай — паходзяць з Смаленска.

У 1526 годзе вялізны замак быў узведзены. Гара Магіла, на якой цяпер замак Магілёў узвышаецца, была істотна зменшана. Буйнічам належалі землі ад Дняпра, уздоўж Дуброўны, ажно да Пячэрска. Княскае паселішча Буйнічы шмат хто трымаў: князь Крашынскі, князь Масальскі, пан Баркулаб, пан Солтан, пан Філон і шмат іншых паноў.

У 1580 г. кароль Стафан быў пад Псковам і ўзяў горад Пскоў. А Масква, князь Сярэбраны з немалым войскам, места слаўнае Магілёў спалілі. У тым жа краі гарады Шклоў, Копысь і шматлікія вёскі вакол іх вельмі спустошылі. Тое ж — у наваколлі Магілёва. Князь Іван Чартарыйскі з войскам на той час знаходзіўся ў Баркулабаве. Пры ім быў Цемрук з татарскім войскам, якое налічвала 300 коннікаў. Тады ж у Навасёлках маскоўскую старожу перанялі.

Масква ўжо паліла паселішчы пад Магілёвам. Цемрук з Баркулабава накіраваўся магілёўскім трактам да Задубровення. А войска літоўскае ў Шклове стаяла. Цяпер жа на Магілёў рушылі з трох бакоў: Чартарыйскі — ад Шупень, Цемрук — з Баркулабава, войска літоўскае — з боку Копысі і Шклова. Маскву адкінулі ад Магілёва, разбілі і адагналі. Трупаў варожых было столькі, аж страшна глядзець. Раку Днепр мерцвякі перагарадзілі. Некалькі тыдняў не пілі вады з Дняпра і рыбы дняпроўскай не елі дзеля гнюсу трупаў.

1595 год ад Божага нараджэння быў вельмі ўрадлівы. Збожжа, авёс, грачыха, хаця і не надта рослыя ўзыйшлі, але былі добрыя на ўраджай. Кошт збожжа знізіўся: пяць грошаў — за чвэрць, дваццаць грошаў — за меру.

Падрыхтаваў П. Левановіч


Магілёў
Просмотров: 28782
Instagram
Vkontakte
Telegram